22 сакавіка 1943 года... Трагічная дата ў гісторыі Беларусі, трагічная дата ў гісторыі вёскі Хатыні, спаленай фашыстамі разам з жыхарамі. Раённая патрыятычная акцыя "Памяць пакаленняў" прымеркавана Хатынскай трагедыі і тысячам беларускіх вёсак, знішчаных у гады вайны. Самае страшнае, што гэтыя трагедыі - абарваныя людскія лёсы і жыцці.
На Ганцавіччыне, на жаль, нямала месцаў, якія сёння з'яўляюцца маўклівымі сведкамі зверстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Помнік на месцы знішчэння яўрэяў на сёмым кіламетры аўтадарогі Ганцавічы - Хатынічы, брацкая магіла ў горадзе Ганцавічы, урочышча Града ў Люсіне, дзе расстралялі цэлую сям' ю, вёска Задуб'е, якая раздзяліла лёс Хатыні...Менавіта такім быў маршрут удзельнікаў акцыі. Актыў маладзёжных аб'яднанняў аддаў даніну памяці бязвінна загінуўшым жыхарам раёна.


